Папулярная ў 2000-я спявачка Лілі Ален прызналася, што яе кар'еру знішчыла нараджэнне дзяцей. Але гэта быў яе свядомы выбар
13 сакавiка 2024 у 1710343980
«Зеркало»
Брытанская спявачка Лілі Ален была папулярная ў 2000-я: яе песні круціліся на музычных тэлеканалах, а сінглы займалі высокія месцы ў хіт-парадах розных краін свету. Цяпер артыстцы 38 гадоў, і ў падкасце штотыднёвіка Radio Times яна прызналася, што яе кар'еру знішчыла нараджэнне дзяцей, паведамляе NBC News.
- У мяне ніколі не было стратэгіі што да маёй кар'еры, але так, мае дзеці яе знішчылі. Я люблю іх, і яны дапаўняюць мяне як асобу, але ў кантэксце папулярнасці як поп-зоркі яны ўсё разбурылі, гэта дакладна, - прызналася Ален.
Яна таксама заўважыла, што яе раздражняе, калі людзі кажуць «ты можаш усё сумяшчаць».
- Бо, давайце шчыра, ты не можаш, - заявіла спявачка.
Зрэшты, выбар Ален, паводле яе словаў, быў свядомы. Спявачка патлумачыла яго ўласным досведам: яе бацькі таксама працавалі ў індустрыі забаваў, таму яна добра ведае, колькі часу гэта забірае.
- Некаторыя аддаюць перавагу кар'еры, і гэта іх права, - дадала Ален. - Маіх бацькоў пастаянна не было дома, калі я была дзіцем, і я адчуваю, што гэта сапраўды пакінула пэўныя непрыемныя ўспаміны, якія я не хачу ствараць і сваім дзецям. Я радая, што зрабіла гэта [кінула кар'еру], бо лічу, што мае дочкі выраслі даволі рознабаковымі людзьмі.
У 2009 годзе Лілі Ален выпусціла другі альбом It's Not Me, It's You, які дабраўся да першых радкоў чартаў Вялікабрытаніі і Аўстраліі, але праз два гады зацяжарала ад бізнесоўца Сэма Купера і выйшла за яго замуж. У шлюбе ў іх нарадзіліся дзве дачкі, цяпер ім 11 і 12 гадоў.
Праз тое, што Ален выбрала займацца дзецьмі, паміж выпускам яе другога і трэцяга альбомаў прайшло пяць гадоў. Хоць гэта не такі і вялікі тэрмін, былой папулярнасці спявачка ўжо не змагла дабіцца. Апошні музычны альбом No Shame Ален выпусціла ў 2018 годзе - цяпер яна займаецца акторскай кар'ерай.
Чытайце таксама