«Лічбавая дыктатура парадку». Трэцяя частка дзённіка вандровак беларуса — цяпер пра Малайзію і Сінгапур
20 чэрвеня 2024 у 1718906880
«Зеркало»
Два с паловай гады таму Аляксандр Гойшык выправіўся ў кругасветнае падарожжа, каб аб'ехаць як мага больш краінаў па зямлі. У дзённіку для «Люстэрка» хлопец апісвае свае прыгоды. Ён ужо расказваў пра ўражанні ад Балі, падрабязнасці падарожжа па Інданезіі. У гэтым тэксце чытайце пра падарожжа па Малайзіі і Сінгапуры.
Малайзія: нарэшце чыста, смачна і цікава
Паўтары гадзіны хуткасным паромам з астраўной Інданезіі да кантынентальнай Малайзіі - і ты нібыта трапляеш у іншы свет. Пашпартны кантроль заняў літаральна паўтары хвіліны: «Вітаем у Малайзіі, зычым прыемнага падарожжа!» Выходжу ў горад, адчуваю, што нешта змянілася, але не адразу разумею, што канкрэтна. І тут да мяне даходзіць - чыста! Мой унутраны беларус спачатку не паверыў сваім вачам: «Няўжо наўкол зноў чысценька і парадачак?!» Адразу са старту вялікі плюс да прывабнасці краіны для мяне. Як кажуць, гены пальцам не заціснеш.
Дваццатага сакавіка я прыплыў у горад Малака, аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Хацеў затрымацца тут некалькі дзён па дарозе ў Сінгапур.
Першы ж мой запыт у каўчсёрфінгу прыняў мясцовы хост, містар Джэфры. Этнічны кітаец (яны складаюць каля чвэрці насельніцтва Малайзіі), настаўнік англійскай мовы на пенсіі. Вельмі цікавы, адукаваны і інтэлігентны чалавек, ён упершыню ў жыцці бачыў беларуса і зусім няшмат ведаў пра існаванне такой краіны недзе там, на ўсходзе Еўропы. Ідэя каўчсёрфінгу акурат і палягае на такім вось культурным абмене, магчымасці даведацца нешта пра іншую культуру, гісторыю, традыцыі і расказаць пра сваё.
Хост ахвотна павёў мяне паказаць горад, такое здараецца даволі рэдка. Звычайна ўсе занятыя сваімі справамі, але містар Джэфры на пенсіі, таму мае шмат вольнага часу, які любіць бавіць са сваімі гасцямі. Ён зладзіў мне цікавую экскурсію па родным горадзе і шмат расказаў пра яго гісторыю. Малака - адно з самых цікавых месцаў ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі, безумоўна, перліна рэгіёна. Гістарычны цэнтр Малакі заснаваны індыйскім прынцам у выгнанні, які прыняў іслам. Горад быў пад каланіяльным кіраваннем некалькіх імперыяў: партугальскай, галандскай і ўрэшце брытанскай. Захаваліся асобныя будынкі кожнай з эпох, якія ўдала гарманіруюць з сучаснай архітэктурай. Ад галандцаў засталіся прыгожыя каналы, якімі варта праплыць на экскурсійных чаўнах. Таксама па старым горадзе можна праехаць на вельмі арыгінальна аформленых веларыкшах.
Апроч гэтага ўсяго Малайзія аказалася для мяне сапраўдным гастранамічным раем пасля месяца ў Інданезіі. «Я люблю павесяліцца, асабліва перакусіць!» - адзін з маіх дэвізаў па жыцці. Малазійская ежа значна разнастайнейшая, чым інданезійская. Як я згадваў вышэй, тут амаль чвэрць насельніцтва - кітайцы, а яны смачна паесці любяць. Яшчэ амаль 10% - тамільцы, але індыйская кухня - зусім не маё. Мой хост аказаўся вялікім гурманам, аматарам добра і разнастайна пад'есці. То ён узяў нада мною «шэфства» і ўвесь час паказваў усе самыя-самыя кавярні для мясцовых з неймаверна смачнай ежай. Пасля заходу сонца стары горад ператвараецца ў адзін вялікі фудкорт з прысмакамі з усяго свету, там можна заблукаць надоўга.
Містар Джэфры - адзін з самых актыўных хостаў у горадзе, які стараецца прымаць у сябе амаль усіх каўчсёрфераў, якія дасылаюць яму запыты. У апошні дзень апроч мяне ў яго спыняўся яшчэ адзін хлопец з Паўднёвай Афрыкі, этнічны замбіец. Дык той увогуле нават не ведаў, што такое Беларусь і дзе гэта. Давялося на карце паказваць і тлумачыць, што гэта не частка Расіі. Хаця, калі шчыра, пра Замбію я таксама ведаў не нашмат больш, чым Сайман пра нашую краіну. Так што гэта было ўзаемавыгаднае знаёмства.
Сінгапур: заможнасць, шок ад цэн і дыктатура парадку
Вельмі цікава мінулі некалькі дзён, надышоў час ехаць далей, у Сінгапур. Перасоўвацца па Малайзіі - адно задавальненне: чыстыя, камфортныя і хуткія (а самае галоўнае - танныя) аўтобусы ад'язджаюць па асноўных кірунках амаль кожныя паўгадзіны. Усяго тры гадзіны, 220 км, чатыры даляры за білет - і вось я ў памежным з Сінгапурам горадзе Джохар-Бару. Тут я вырашыў упершыню ў жыцці спыніцца ў капсульным хостэле, 13 даляраў за ноч. Цікавы і незвычайны досвед, спачатку трохі незразумелая і дзіўнаватая ідэя спаць у пластыкавай скрынцы. А пасля, як сапраўдны беларус, я ўжо прывык, думаў «можа, так і трэба». Там унутры добрая вентыляцыя і кандыцыянер, а самае галоўнае - поўная прыватнасць, чаго так не хапае ў хостэлах.
Сінгапур - гэта сапраўдная краіна першага свету, дзякуючы радыкальным рэформам заснавальніка незалежнасці Лі Куан Ю, адна з найбуйнейшых эканомік на планеце. Цікавы факт: пасля стварэння незалежнай краіны пад назвай Федэрацыя Малайзіі ў 1963 годзе ў яе склад спачатку ўваходзіў і Сінгапур, населены прыблізна на 75% этнічнымі кітайцамі. Але ўжо праз два гады апошні ў выніку рэферэндуму мірна выйшаў са складу малайзійскай дзяржавы. Цэнтральная ўлада ў Куала-Лумпуры ніяк не перашкаджала, бо дзякуючы гэтаму істотна знізіўся працэнт кітайскага насельніцтва ў краіне.
За гады свайго кіравання Лі Куан Ю ператварыў Сінгапур з адсталай брытанскай калоніі ў развітую краіну з універсальнай сістэмай высокаэфектыўнага і антыкарумпаванага ўрада. Штодня па лепшую долю з суседняй Малайзіі сюды прыязджаюць працаваць сотні тысяч мігрантаў, якія ўвечары вяртаюцца дадому. Памежныя пераходы перагружаныя, аднак, на маё здзіўленне, пераход мяжы не заняў шмат часу. Усё працуе ідэальна.
Першае, што адразу ж кідаецца ў вочы, - тут яшчэ чысцей, чым у Малайзіі. Амаль стэрыльныя вуліцы. Ужо пасля я даведаўся, што гэта не проста так. Сінгапур - лічбавая дыктатура парадку: за кінутае пад ногі смецце можна атрымаць штраф на некалькі сотняў даляраў, курэнне папяроскі ў парку можа каштаваць больш за тысячу даляраў. У краіне забаронена прадаваць гумку. Таксама літаральна тыдзень таму сінгапурцам нарэшце дазволілі трымаць катоў у кватэрах. Гэтая забарона дзейнічала 35 гадоў, за непадпарадкаванне маглі аштрафаць амаль на тры тысячы даляраў. Нездарма кажуць, што «Singapore is a fine city» - такі сабе каламбур, бо слова fine у англійскай мове значыць адначасова «добры» і «штраф». Атрымліваецца «Сінгапур - горад штрафаў» альбо «Сінгапур - добры горад», як паглядзець.
Усё гэта - каб дабіцца ідэальнай чысціні вуліц. Лі Куан Ю верыў, што дзякуючы гэтаму, разам з эфектыўнай транспартнай сістэмай і замежнымі інвестыцыямі, ён зможа ператварыць Сінгапур у «аазіс першага свету ў рэгіёне трэцяга свету». Зрэшты, яму гэта ўдалося. Можа, і нашым уладам трэба зрабіць нешта больш, апроч чыстых вуліц, якімі так любіць выхваляцца джяржпрапаганда, каб сапраўды атрымаўся «беларускі цуд».
У краіне надзіва зручная інфраструктура, амаль усюды можна даехаць на метро ці на камфортных двухпавярховых аўтобусах, якія ходзяць строга па раскладзе. Аплата банкаўскай карткай, усё працуе ідэальна. У Сінгапуры сотні кіламетраў навесаў над ходнікамі, якія аберагаюць мінакоў ад дажджу і спякотнага сонца.
Ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі распаўсюджаная ліхаманка дэнге - напэўна, самы вялікі гамон, які можа здарыцца з чалавекам у гэтым рэгіёне. Куснуў камарык - і пасля некалькі тыдняў сапраўднага пекла. Толькі ў Сінгапуры спрабуюць змагацца з гэтым па-сапраўднаму. Мне нават расказвалі, што ў раёнах, дзе зафіксаваныя свежыя выпадкі захворванняў, можа быць створаная спецыяльная інспекцыя, якая без папярэджання будзе хадзіць па хатах і правяраць санітарныя нормы. Напрыклад, у вас брудныя рондлі на кухні, гэта нібыта добрае месца для інкубацыі такіх во паскудных камароў. За гэта вам нібыта могуць уляпіць штраф. Таксама паўсюдна размяшчаюць спецыяльныя білборды пра тое, як правільна змагацца з гэтай навалай. Сапраўдная краіна для жыцця, далібог.
Плошчай Сінгапур у два разы большы за Мінск, але тут надзіва шмат цікавых месцаў для наведвання. Суперсучасныя раёны з хмарачосамі мяжуюць са старымі кітайскімі кварталамі, шматлікія паркі і футурыстычныя «Сады каля заліва», студыя Universal і самы вялікі ў свеце акеанарыум. Як і ў Аўстраліі, тут можна наведаць дзейны парламент краіны. Вельмі ўразілі вышэйзгаданыя сады, з агромністымі металічнымі дрэвамі, адна з візітовак Сінгапура. Ну і, вядома ж, Merlion - міфічная істота з целам рыбы і галавой ільва, галоўны сімвал краіны. Таксама тут знаходзіцца самы паўднёвы пункт кантынентальнай Азіі, там я зладзіў сваю традыцыйную, не санкцыянаваную Мінгарвыканкамам акцыю «Акунусь за Беларусь!».
Дарэчы, дзякуючы нашай беларускай дыяспары з Адэлаіды (горад у Паўднёвай Аўстраліі) у мяне былі кантакты сінгапурскага беларуса. Нашыя людзі ўсюды! Вельмі цікавае атрымалася знаёмства, шмат даведаўся пра адваротны бок жыцця ў гэтай краіне першага свету. Пра цяжкасці з легалізацыяй, пра агульную дарагоўлю і абсалютна непад'ёмную арэнду (напрыклад, за зусім невялікую аднапакаёвую кватэру давядзецца заплаціць каля дзвюх тысяч даляраў за месяц). Пра забарону крытыкі ўладаў, пра смяротнае пакаранне за кіднэпінг, кантрабанду і гандаль наркотыкамі ці зброяй. Са зразумелых прычын я, на жаль, не магу падрабязней пісаць пра нашых суайчыннікаў за мяжою, так што выбачайце.
У Сінгапуры чатыры афіцыйныя мовы: англійская, кітайская, малайская бахаса і тамільская. Дэ-факта англійская - асноўная мова краіны і выкарыстоўваецца для кантактаў паміж рознымі нацыянальнасцямі. Прычым існуе нават мясцовы дыялект, так званы singlish - мясцовая трасянка, мяшанка англійскай і іншых афіцыйных моваў, перш за ўсё кітайскай і малайскай. Плюс амерыканскі і аўстралійскі слэнг, які распаўсюджваецца сярод моладзі праз інтэрнэт. Урад заахвочвае размаўляць на «чыстым інглішы», каб у будучыні не ўзнікала праблемаў у камунікацыі з іншымі носьбітамі гэтай мовы. Існуе нават спецыяльная праграма Speak Good English Movement («Размаўляй на добрай англійскай!»). Паглыбленае вывучэнне англійскай мовы было адной з рэформаў Лі Куан Ю. Ён лічыў, што менавіта гэтая мова мусіць стаць галоўнай мовай Сінгапура, а родныя мовы розных этнічных груп павінныя стаць другімі. Дзякуючы гэтаму краіна зможа максімальна адкрыцца свету і прыцягнуць замежныя інвестыцыі. Зрэшты, гэта таксама была паспяховая стратэгія, якая моцна дапамагла «сінгапурскаму цуду».
Яшчэ мне расказалі цікавы факт пра мовы ў Сінгапуры: руплівы ўрад змалку прызначае кожнаму дзіцяці афіцыйную матчыну мову (mother tongue language, або MTL). Яе і мусіш вучыць у школе. Матчына мова тут - мова, якой гаворыць бацька. А часам і не бацька: напрыклад, найбольш пашыраны кітайскі «дыялект» - hokkien. Дык вось, калі бацька - hokkien, а маці - малайка, тамілка ці хто заўгодна яшчэ, то твая матчына мова - літаратурная кітайская, хаця яе зусім не разумеюць ні бацька, ні маці.
Агулам я прабыў у Сінгапуры пяць дзён у канцы сакавіка. У апошнія дні мне трапіўся надзвычай цікавы хост - экспат-айцішнік з Пакістана. Вельмі інтэлігентны і адукаваны чалавек, надзвычай цікавы суразмоўца. Джоўэд шмат распытваў пра Беларусь, пра гісторыю нашых адносінаў з суседняй імперыяй, пра падзеі 2020 года, пра дыктатуру ў цэнтры Еўропы і правы чалавека. Расказваў, як з гэтым у Пакістане, мы спрабавалі параўнаць нашыя краіны. Я маму не бачыў амаль чатыры гады, а ягоная сямʼя пасля падзелу Брытанскай Індыі ў 1947 годзе вымушаная была пераехаць у наваствораны Пакістан.
Джоўэд частаваў мяне смачнай ежай у пакістанскім рэстаране, а на наступны дзень мы хадзілі на іфтар (падчас посту ў святы месяц Рамадан мусульмане не п'юць і не ядуць увесь дзень, пакуль не сядзе сонца, іфтар - гэта вечаровы прыём ежы) у малайскі раён. У апошні дзень я зʼязджаў вельмі рана, каля пятай раніцы, Джоўэд правёў мяне да прыпынку і пажадаў добрай дарогі. На развітанне ён спытаў, што з беларускай літаратуры я б параіў яму пачытаць. Не вагаючыся назваў яму «Цынкавых хлопчыкаў» Святланы Алексіевіч.
Пакуль ехаў на скутары па Лацінскай Амерыцы, праслухаў гэтую аўдыёкніжку разам з «Чарнобыльскай малітвай». Гэта неверагодна, наколькі тая вайна чырвонай імперыі падобная да гэтай вайны імперыі пуцінскай. Наколькі падобныя фармулёўкі: «Каб мы не напалі, то там былі б амерыканцы». Такія ж дзікунствы са згвалтаваннямі і марадзёрствам, такія ж абалваненыя «выканаўцы інтэрнацыянальнага доўгу», якія ўсім гэтым займаліся. Гэта было настолькі цяжка слухаць цяпер, асабліва пасля ўварвання расійскай арды ва Украіну, што я кожны раз выключаў хвілін праз сорак.
Усё гэта я каротка расказаў майму новаму сябру. А ўжо праз пару дзён ён скінуў мне фотку гэтай кніжкі ў англійскім перакладзе, якая толькі што прыйшла яму з «Амазона». Напісаў, што ўжо пачаў чытаць і не можа адарвацца. Так прыемна стала, далібог. Беларускі нобель у масы!